Вёска Каралінова (Пастаўскі раён) у XIX ст. належала сярэднявечнаму шляхецкаму роду Сулістроўскіх.
Шляхціч Эдмунд Сулістроўскі, бацька чатырох дачок, аддаў у спадчыну тутэйшы сядзібны маёнтак сваёй малодшай дачцэ Вандзе.
Калі маладая шляхцянка выйшла замуж, яна разам з мужам пераехала ў Каралінова.
Мужам жа Ванды стаў Альфрэд Ізідор Ромер - мастак са старажытнага рыцарскага роду.
Ванда Сулістроўская, малюнак Альфрэда Ромера. Зверху - герб Любіч, да якога належылі Сулістроўскія.
Альфрэд Ромер – выдатны мастак, разьбяр, медальер, геральдыст, этнограф, удзельнік паўстання 1863 г., прадстаўнік адзінаццатага пакалення саксонскага роду Ромераў.
Стварыў больш за 200 мастацкіх твораў: 63 жывапісныя палотны, 81 пастэль, 41 медальён, 9 скульптур, некалькі дзясяткаў малюнкаў, пейзажаў і акварэляў, копіі ікон, партрэтаў. Большасць працаў захоўваецца ў Нацыянальным музеі Літвы ў Вільнюсе, Вільнюскай карціннай галерэі, Нацыянальным музеі ў Варшаве, Нацыянальным музеі ў Кракаве і інш.
У Беларусі знаходзіцца два шэдэўры мастака: "Пінская Мадонна" ў касцёле Унебаўзяцця Панны Марыі ў Пінску і «Хрыстос і сірата» ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў Камаях.
Пінская мадонна, 1894
Хрыстос і сірата, 1897 год
Сядзібны дом, куды пераехала сям'я Ромераў, уяўляў сабой "досыць вялікі драўляны, з лістоўніцы, аднапавярховы будынак. Ля адной са сцен правага крыла быў узведзены ганак на тонкіх слупах, які заканчваўся аркадай з 3-вугольным шчытом, дзе размяшчаліся выявы гербаў Ромераў і Сулістроўскіх".
"Сядзібны дом пакрылі гонтавым дахам, збоку ганка дабудавалі вялікую веранду, абнесеную невялікай балюстрадай. Аконныя рамы, дзверы, аркада і шчыт, слупы ганка, веранда былі пафарбаваны ў белы колер. На першым паверсе мелася 14 пакояў, на другім - 3. Пад усходняй часткай будынка быў вымураваны склеп. Сцены інтэр'ера сядзібнага дома былі не атынкаваны, мелі колер старога дрэва, у пакоях знаходзілася шмат старасвецкай мэблі, іншых сямейных рэліквій, печы для абагрэву памяшканняў былі зроблены з адмысловай глазураванай кафлі, а камін аздоблены арыгінальнай ляпнінай. Побач з сядзібай быў сад (4га) і парк".
У Каралінове мастак пражыў наступныя 10 гадоў свайго жыцця, займаючыся гаспадарскімі клопатамі, выхаваннем дачкі Гелены і, перадусім, творчасцю.
Партрэт дачкі Гелены з пёсікам. Альфрэд Ізідор Ромер, каля 1890. Нацыянальны музей у Варшаве
Менавіта ў гэты перыяд мастак стварае свае акварэльныя і алоўкавыя замалёўкі сялянскага побыту і архітэктурных помнікаў: "Сялянская хата", "Сялянская дзяўчына", "Ля карчмы", "Сялянскі двор", "Мешчанін з Віленскай губерні", "Сялянкі з Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні", "Стары храм у Кабыльніках Свянцянскага павета", "Вішнева. Двор. Від з фасада", "Царква ў Камаях" і інш.
Тут пачынае пісаць манаграфію аб вытворчасці слуцкіх паясоў, па некаторых звестках, распісвае Камайскі касцёл і збірае старажытныя рукапісы і дакументы, якія потым у 1884 годзе перадаў у музеі Кракава.
Памёр мастак таксама ў Каралінове ў 1897 годзе, перад самай смерцю перадаўшы карціну Хрыстос і сірата ў касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Камаях.
Гаспадарыць у сядзібе засталася жонка мастака графіня Ванда Сулістроўская. Дапамагалі ёй дачка Гелена Ромер, вядомая журналістка, асветніца, пісьменніца, якая займалася арганізацыяй школ для сялянскіх дзяцей, перасоўных бібліятэк, аўтарка падручніка па геаграфіі для пачатковай школы. І сябра сям'і Фларыян Даноўскі - адзін з заснавальнікаў «Братняга саюза літоўскай моладзі», які дажываў тут свой век пасля дзвюх катаргаў.
І Фларыян Даноўскі, і Ванда Сулістроўская пахаваныя на могілках недалёка ад Каралінова.
Фларыян Даноўскі, А. Ромер
Магіла Альфрэда Ромера знаходзіцца ў родавай капліцы касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Троках.
Капліца Ромераў. А. Ромер
Іменем А. Ромера названыя вуліцы ў вёсках Камаі і Каралінава, а таксама Пастаўская дзіцячая мастацкая школа.
У камайскім касцёле ўсталяваная памятная дошка ў гонар Альфрэда Ромера.